Кастусь Кірэенка

(12.ХІІ.1918 – 15.ІХ.1988)

Кастусь Ціханавіч Кірэенка нарадзіўся 12 снежня 1918 года ў вёсцы Гайшын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Гайшын лічыўся ў тыя гады мястэчкам, бо быў даволі ладным і мнагалюдным населеным пунктам на высокім правым беразе Сожа, прыгажосць якога засталася з паэтам назаўсёды:

…Мінула шмат часу, палюбіў я многа рэк, а Сож усё ж застаецца ракой, лепшай між усіх, і вабіць, і цягне да сябе зноў і зноў.

А можа, гэта родную маці хочацца наведаць, пастаяць пад позіркам яе цёплых вачэй? Пагаварыць з маленствам, пахадзіць па сцяжынках юнацтва, успомніць нешта непаўторнае, дарагое?

Як бы там ні было, а кожнае лета выбіраеш хоць некалькі дзён і спяшаешся на запаветныя берагі. Мне нічога не трэба ад любага майго Сажа – толькі стоішся пад навіслай над вадою зялёнай купінай, закінеш вуду, пройдзеш позіркам па зіхотнай, пругкай і зменлівай плыні, і раптам зноў успыхне і паплыве прад вачамі неаджытая, бясконца заклікальная каралева летуцення. Як і заўсёды, павядзе яна рыбакова сэрца ў сіне-дрыготкую, мройную далячынь. Устанеш: «Пачакай мяне, вуда, пачакай, дай палячу яшчэ раз у нязведаны край, у край нязгаснай мары…» А нехта ці нешта падказвае: што ты, чаго ты, дзе ты, куды ты, даўно ўжо ты там пабываў, даўно ўжо ўсё ведаеш…

Так, пабываў… Так, ведаю…

А ўсё ж! А ўсё ж!..

– А ўсё ж! А ўсё ж! – крыкнеш мімаволі, нечакана для самога сябе, зачаравана ступаючы між блакітных незабудак.

– А ўсё ж! А ўсё ж!.. – пойдзе голас па разложыстай пойме. І аднекуль у вобразе рэха прыйдзе адказ, і не верыцца, што гэта рэха, бо чуецца, быццам нехта крычыць табе з-за поймы ад зялёнага дрымотнага лесу:

– Сож! Сож! Сож!

Сож…

«Что ми шимуть, что ми звенить довечя рано пред зорями?» – амаль заўсёды чуліся мне на яго берагах адвечныя словы, несучы непазбыўную радасць і трывогу…

Сож…Сож…

Песняй і заклікам ісці ў родную светлую даль жыве ў маім сэрцы імя гэтай светлай беларускай ракі.

Вялікае замілаванне меў Кастусь і да сваіх бацькоў, звычайных сялян, якія, аднак, мелі вялікую душу і сэрца. Бацька вельмі добра адчуваў прыгажосць, любіў мастацкае слова, вучыў сына чытаць, любіў сусвет і людзей. Гэтыя ж пачуцці выхоўвалі і мясцовыя настаўнікі.

У 1934 годзе скончыў сямігодку і паехаў вучыцца ў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, у які паступіў не таму, што вельмі прагнуў стаць майстрам аўтасправы, а па вельмі празаічнай прычыне: спазніўся з адпраўкай дакументаў і ўжо нідзе не мог прыстроіцца, а ў Гомель вельмі лёгка дабрацца па Сажы. Рака маленства падвозіла многіх ягоных землякоў і ў Гомель, і ў далёкую Украіну. Аднак у тэхнікуме прабыў толькі год, пра што згадвае сам паэт:

Паступіў я ў аўтадарожны тэхнікум нядрэнна. Мне адразу далі стыпендыю, і вучыўся я нядрэнна, аднак правучыўся толькі адзін год: пацягнула да літаратуры, любоў да якой прывіў мне ў школе настаўнік. Я толькі і думаў аб тым, як папасці на літаратурны факультэт. І засеў рыхтавацца ў інстытут. У тэхнікуме на першым курсе нам выкладалі праграму за сярэднюю школу па ўсіх асноўных прадметах – матэматыцы, фізіцы, хіміі, па якіх тады абавязкова было здаваць экзамены, паступаючы на любы факультэт інстытута. Летам на канікулах я выкарыстаў для падрыхтоўкі кожную хвіліну і восенню 1935 года паспяхова вытрымаў экзамены на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута. Вось з таго часу і па сённяшні дзень я лічу сябе байцом таго фронту, які завецца літаратурай, хаця сёр’ёзна спрабаваць свае літаратурныя здольнасці і друкавацца пачаў значна пазней. Але ўсё акружэнне ў інстытуце, асяроддзе, атмасфера, размовы, усе думкі з першага дня вучобы былі скіраваны ў бок творчасці, і гэта, безумоўна, рабіла сваю справу. Трэба сказаць, што і ў гэтых адносінах мне, як і маім аднагодкам у Гомельскім педінстытуце, пашанцавала на выдатных людзей, такіх, як выкладчык літаратуры Яфім Ізраілевіч Кушнер і мовазнаўца Піліп Ігнатавіч Масайлаў, якія ўсімі сіламі імкнуліся нас падтрымаць. Гэта былі патрыёты і свайго інстытута і сваёй літаратурнай справы, і хочацца ўспомніць іх добрым словам!

Там, у інстытуце, я сышоўся і палюбіў на ўсё жыццё некаторых людзей, якія значна садзейнічалі выхаванню з мяне чалавека, што марыў стаць паэтам. То былі мае сябры, маладыя паэты Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў і Васіль Корнеў. Мікола Сурначоў быў трохі старэйшы за мяне і Гаўрылава, а Корнеў – маладзейшы за ўсіх. Прычым Корнеў яшчэ нават і не паказваў сваіх твораў, але гэта быў фанатычна закаханы ў літаратуру юнак. Некаторая розніца ў гадах нам не замінала, а неяк нават добра ўсім прыдалася: і больш сталы вопыт Сурначова, і фанатызм Корнева, і наш энтузіязм узаемна дапаўняліся. Мы чыталі кнігі любімых паэтаў, спрачаліся, думалі, марылі, і ўсё гэта было ў рэчышчы чыстай і самаахвярнай юнацкай адданасці справе не проста літаратуры, а справе жыцця. Усім маім сябрам – і Гаўрылаву, і Сурначову, і Корневу – выпала доля загінуць героямі ў вялікай барацьбе супраць фашызму, і я не дзіўлюся таму, што яны аказаліся вартымі свайго пакалення. Бо ў юнацкія дні – я ведаю – душы іх былі поўнымі глыбокапрачулай замілаванасці і веры ў свет. Мне выпала сумная задача пісаць успаміны аб Гаўрылаве і Сурначове, але ў той жа час мне выпала і гордасць застацца іхнім другам да сённяшняга дня, і такім я застануся да канца!

Вучоба ў інстытуце была звязана і з незабыўнымі для маладога аўтара падзеямі: упершыню надрукаваў свае вершы ў газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя рэвалюцыі», пабываў у Мінску на канферэнцыі маладых пісьменнікаў, дзе сустрэўся з найбольш аўтарытэтнымі тагачаснымі літаратарамі. Пачынаў Кастусь Кірэенка ў класічна-традыцыйным стылі тагачаснай беларускай паэзіі: маляўнічай, узнёслай, спеўнай. Ён з маладым запалам і імпэтам славіць родную зямлю, на якой ўсё выклікае замілаванне: і дуб, што абапёрся рукой зялёнай на страху, і, нахіліўшы стан, улюбёна ўглядаецца ў ранішні блакітны туман, дзе ў белай хустцы ў сям’і чарэшань стаіць маладая сліва, да якой яму так хочацца даскакаць на адной назе; і дождж, што срэбрам ззяе ў травах, у кветках, у пшанічных каласах, а зямля дыхае духмянасцю, пяшчотай і цяплом; і чэрвень, што дорыць дзяўчаткам сакавітыя суніцы. Ягоны лірычны герой робіць для каханай дзіўныя каралі – замест ніткі на сонечны промень нанівзае ягадкі вады. Бо яна – самая-самая на свеце:

Ты па шчавель ішла на луг,

Лёгка дыхаў шырокі Сож.

Раптам цёплы вясновы дождж

Да тваіх дакрануўся рук.

І адчуў, мусіць, іх агонь.

Ўсёй істотай к табе прыпаў

І трымаў, пакуль шэпт яго

Не заціх сярод буйных траў.

 

Ты ўсміхнулася. Ну, а я…

(Ці пра ўсё ж я табе скажу?)

Я пад клёнам адзін стаяў

І зайздросціў яму, дажджу.

Пасля Мінска вярнуўся да студэнцкіх праблем:

..Зноў бяссонныя інстытуцкія ночы за кнігамі, зноў сяброўскія сустрэчы, гутаркі, спрэчкі, пошукі і расчараванні…Мы станавіліся дарослымі, а на жыццё насоўвалася хмара ваеннай трывогі… Гэтая трывога была недарэмнай, бо многа дзе на зямлі ўжо лютаваў гітлераўскі фашызм, і ўсе мы ў думках і ў сэрцах рыхтавалі сябе для барацьбы з нечалавечай навалай. І Радзіма хутка паклікала нас на гэту барацьбу. У 1940 годзе наша сябрына скончыла інстытут і амаль адразу ж адзела вайсковыя шынялі. З чым канчалі мы сваё юнацтва, з чым уступалі ў сваю маладосць, якую па праву назвалі вогненнай маладосцю? Мы канчалі сваё юнацтва з усведамленнем вялікага права на жыццё, мы адчувалі, што можам і павінны зрабіць нешта важнае і патрэбнае для народа, і мы верылі, што так яно і будзе…

Прадчуванні будучых трагедый яскрава ўвасобіліся ў прысвячэнні сябру-паэту Л. Гаўрылаву:

На курганні крычыць пугач,

Быццам хоча прастр застрашыць.

Ты ж будзь мужным, як слава наша,

Смутак мой, ціхі мой, не плач.

 

Скора дзень. Бачыш, як дрыжыць

Над Сожам цёплы свет барвовы?

Прывітальныя сонцу слова,

Смутак мой, добры мой, кажы.

 

І суціхні. Няхай наш век

Будзе песняй бадзёрай самай!

Зразумей жа, што я чалавек,

Я заплакаць магу таксама.

Кастусь Кірэенка, як і ўсе ягоныя аднакурснікі, апрануў салдацкі шынель і зведаў трагедыю вайны: плакаў разам з сябрамі ў Бранскім лесе, калі зразумеў, што ўся Беларусь захоплена ворагам; сотні разоў глядзеў у вочы смерці і чуў яе пачварнае дыханне; зведаў сціплае і гераічнае салдацкае братэрства:

Мілыя, добрыя, чулыя, сціплыя, смелыя, рашучыя, настойлівыя, гераічныя франтавыя таварышы! Дзе яны цяпер? Ніяк нельга іх забыць… Шмат год прайшло, а помняцца іх позіркі, іх словы, іх маўклівая суладнасць, іх узаемная таварыская ўпэўненасць, і поціскі шурпатых салдацкіх рук адчуваеш і сягоння…

Амаль усю вайну я парвёў на фронце ў якасці журналіста. Быў я карэспандэнтам баявога аддзела армейскай газеты «За Радзіму» на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Можа, хто-небудзь падумае, што гэта была лёгкая, бяспечная работа, дык гэта памылкова. Праца баявога карэспандэнта на фронце – вельмі складаная і цяжкая. Гэта праца, увесь час звязаная з прабываннем у самых нечалавечых умовах, у самых непрыдуманых, непрадбачаных абставінах, дзе часта ўсё залежала ад асабістага рашэння, асабістай вытрымкі, асабістай мужнасці. Цяпер часам думаеш: няўжо гэта ты калісьці прапываўся праз мінамётныя налёты ў разбітае Ярцава – да байцоў славутага Ракасоўскага, – толькі б напісаць сваю першую баявую карэспандэнцыю! Няўжо гэта на тваім шынялі заставалася кроў загінуўшых таварышаў пад бамбёжкамі каля Масквы? Няўжо гэта на тваім шляху была спаленая смаленская вёска Вішня, дзе, каб пагутарыць з камандзірам стралковай роты, поўз па маладым жыце, у якім нечым было дыхаць ад гнілых трупаў і нельга было ўзняць галаву ад кулямётнага абстрэлу? Няўжо гэта ты наведаў «пятачок» за ракой ля Тарусы, куды не мог не ісці, бо столькі цікавых з’яўлялася на тым плацдарме герояў, і прабівацца куды праз агнявы заслон было так моташна, што ажно млелі ногі? Няўжо гэта ты, халадзеючы сэрцам і яшчэ раз праклінаючы фашызм, першым убачыў знявечаныя, жахліва скатаваныя трупы савецкіх людзей у гестапаўскіх падвалах у Мсціслаўлі? Няўжо гэта перад табою вырастала вогненная сцяна каля горацкага пасёлка Леніна, дзе ты імкнуўся на свае вочы бачыць баявое хрышчэнне брацкай польскай дывізіі імя Касцюшкі? Няўжо гэта ты, як кажуць, «на плячах ворага» ўварваўся ў польскі горад Замбруў, – толькі каб не выпусціць з поля зроку гарматны разлік, што падбіў у баі ажно тры нямецкія танкі?..

Пяць гадоў (з 1940 па 1945) служыў у войску, чатыры з іх – на фронце. Быў цяжка паранены, але выжыў і вярнуўся ў строй. Пісаў не толькі карэспандэнцыі, але і вершы. Творы, якія ствараліся ў дні вайны на мінамётнай пліце ў падмаскоўным лесе, на планшэтцы ў хвіліны дарожных прывалаў, у сумнай цішыні медсанбата, увайшлі ў першы зборнік паэта «Ранак ідзе» (1945). Сюды ж трапілі і паасобныя даваенныя вершы, бо ўсе астатнія загінулі ў полымі вайны, якая адыграла выключную ролю ў далейшай творчай эвалюцыі пісьменніка. Ён добра ўсвядоміў, што павінен жыць і сказаць слова і за тых, хто не вярнуўся. Услаўленне подзвігу абаронцаў роднага краю сталася вызначальным пачаткам ягонай пазнейшай лірыкі, у якой паяднаюцца яркі публіцыстычны пачатак і векавыя традыцыі народнай песні (ад спеўнасці да плачаў). Якраз спалучэнне фальклорных інтанацый (ад самой Яраслаўны) і надзённасці рэальных праблем і прынесла поспех творчасці Кастуся Кірэенкі, вылучала ягоную паэзію на шырокім фоне. Паэзія апошніх гадоў схіляецца да філасафічнасці быцця, тонкага псіхалагізму, узбагачаецца далучанасцю да фальклорна-сказавай вобразнасці, прызнаннем прыярытэту звычайных чалавечых радасцяў. Пісаў для дзяцей (паэма «Алёнчына школа», зборнікі «Зялёнае рэха», «Вясна-красна», «Урачыстая песня»). Многія вершы пакладзены на музыку кампазітарамі М. Аладавым, У. Алоўнікавым, Ю. Семенякам, У. Буднікам. Прайшоў даволі складаную творчую эвалюцыю. Пачаўшы з твораў грамадзянска-патрыятычнага гучання, у якіх публіцыстычны пафас узбагачаўся ціхай лірызацыяй, паступова перайшоў да буйных формаў. Ліра-эпічныя паэмы («Трыкутнік» і інш.) і асабліва драматычныя сталі надзвычай удзячнай формай для глыбокіх разваг пра лёс народа на гістарычных этапах. Паэтам застаўся ў «рыбацкай паэме» «Вандроўнае шчасце», дзе квяцістай прозай распавёў пра прыгажосць любімых, «сваіх» рэк і азёр. Бадай што ніхто так у беларускай літаратуры не расказаў пра Сож. Шэраг апавяданняў і «аповесць вясковага настаўніка» «Паводка», напісаныя ў розныя гады, вытрыманы ў традыцыях класічнай беларускай «вясковай» прозы.

Асноўныя зборнікі: Выбраныя творы. У 2-х тамах (Мн., 1978), «Жывыя ідуць наперад» (Мн., 1978), «Сіні вырай» (Мн., 1976), «Вёсны веснаваць» (Мн., 1979), «Пролеска» (Мн., 1970), «Теплая радуга» (М., 1970), Збор твораў у 3-х тамах (Мн., 1988).

Да канца жыцця Кастусь Кірэенка памятаў пра родны інстытут, параўнальна часта прыязджаў ў складзе творчых дэсантаў у госці да студэнтаў, цікавіўся іхнім жыццём, спрыяў землякам з друкаваннем уласных твораў, бо доўгі час быў супрацоўнікам літаратурных часопісаў, якія пасля ўзначальваў: «Бярозка», «Полымя». Заслужаны дзеяч культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Памёр 15.09.1988.

МАТЧЫНА ПЕСНЯ
Калі яна ў сэрца мне запала,

Калі на ўсё жыццё зачаравала,

Цудоўная, як радасць напрадвесні, –

Матчына песня?

 

Таго не помню. Толькі добра знаю,

Што ўсёй душой любіць цябе, мой краю,

Мяне з маленства навучала ўмесьне

Матчына песня.

 

Нялёгкі выпаў лёс на нашу долю,

Хто звяў ад слёз, а хто памёр у полі,

Але жывых вяла да родных весніц

Матчына песня.

 

Яна глытала дым у пекле бою.

Праз жах, праз гора, сцежкаю любою

Ішла са мной да перамогі весняй

Матчына песня.

 

І знаю я, што на шляху жыццёвым

Я ўсё змагу, усё вярну нанова,

Бо ў сэрцы б’ецца радасным прадвеснем

Матчына песня. (1945)