ПАЎЛЮК ПРАНУЗА
(18.ІІІ.1918 – 14.ІІІ.2007)

 

Чакалі вусны,

Зоры, песні…

Веселле б справіць нам…

Але

Цяжкі снарад –

Вайны прадвеснік –

Не затрымаўся ў ствале

1941 Бранскі фронт

Паўлюк Прануза нарадзіўся 18 сакавіка 1918 года ў вёсцы Вылева Добрушскага раёна. Як згадвае ў сваім жыццяпісе, а менавіта так назваў ён аўтабіяграфію «Дарогаю жыцця», заўсёды паўстае перад вачыма той куток, дзе зрабіў першыя крокі, вымавіў першае слова і па-дзіцячаму ўбачыў свет у яго прывабнасці і разнастайнасці. Бацька ягоны працаваў на добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы», а маці вяла небагатую гаспадарку. Вёсачка раскінулася на высокім крутым беразе рэчкі Іпуць, адкуль расцілаліся прыгожыя краявіды. У ціхую пагоду да вёскі далятаў фабрычны гудок, па якім людзі звяралі гадзіннікі, бо радыё на той час яшчэ не было.

Вучобу пачаў у мясцовай школцы, але пачынаючы з пятага класа вучыўся ў Добрушскай дзесяцігодцы. Менавіта там і спазнаў паэтычнае слова. Маленькаму хлопчыку пашанцавала, што настаўнікам беларускай мовы і літаратуры быў Аляксандр Сцяпанавіч Барысавец, які пасля працаваў у Брэсцкім педінстытуце. Гэта быў таленавіты педагог, выкладаў паэзію творча, натхнёна, не абмяжоўваўся толькі школьнай праграмай. Настаўнік выводзіў вучняў на дарогу Вялікай літаратуры. Ён апавядаў так жыва і маляўніча, што паэты паўставалі як жывыя. У значнай ступені пад ягоным уплывам і пачаў наш зямляк складаць уласныя вершыкі. Спачатку для школьнай насценгазеты. Пасля некаторыя з іх друкаваліся ў фабрычнай шматтыражцы. Аднак усё мацнела мара ўбачыць жывога паэта, пачуць яго голас. Пашчасціла, бо на фабрыку даволі часта да рабочых прыязджалі пісьменнікі. Так ён убачыў Петруся Броўку, Міхася Лынькова, Кузьму Чорнага. Гэта ўсё і падштурхоўвала да ўласнай творчасці, і крыху астуджвала юначы імпэт, бо з’яўлялася звыклае хваляванне і адвечнае пытанне ўсіх пачаткоўцаў – а ці змагу?

У гэтым плане выключную ролю адыграў Гомельскі педінстытут імя В. Чкалава, куды ён паступіў у 1937 годзе. Якраз тут Паўлюк Прануза пазнаёміўся з маладымі паэтамі Кастусём Кірэнкам, Міколам Сурначовым, Леанідам Гаўрылавым, імёны якіх ужо сустракаліся на старонках мясцовага і рэспубліканскага друку, што плённа паўплывала на пачаткоўца. Асабліва пасябраваў паўлюк з Міколам Сурначовым, які настолькі любіў паэзію і кнігу, што дзеля апошняй мог адмовіцца ад абеда. Маладыя студэнты Гомельскага педінстытута жылі ў незвычайным свеце паэзіі, захапленнем якой яны імкнуліся падзяліцца з усімі. Яны чыталі вершы, наладжвалі дыспуты, вечары, выдавалі ўласныя творы. І іх заўважылі ўжо і ў рэспубліцы. Згадвае Паўлюк Прануза:

Летам 1940 года, будучы на канікулах у Добрушы, атрымаў з Мінска тэлеграму. У мяне там не было ні знаёмых, ні родзічаў. З хваляваннем прачытаў унізе подпіс: Міхась Лынькоў. Гэта быў выклік на курсы-канферэнцыю маладых пісьменнікаў. Я сустрэўся з многімі, чые імёны толькі чуў дагэтуль. Дзмітрый Кавалёў, Аркадзь Чарнышэвіч, Юрый Багушэвіч, з Заходняй Беларусі Мікола Засім… Нам чыталі лекцыі М. Ларчанка, Я. Шарахоўскі, І. Гутараў, Р. Бярозкін, Ю. Дворкіна. Аб сваёй творчай лабараторыі расказалі Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва. Некалькі маіх вершаў у той час было надрукавана ў газеце «Літаратура і мастацтва». Дадатныя якасці гэтых вершаў адзначылі Пятро Глебка і Рыгор Бярозкін.

Пачынаў як лірык-традыцыяналіст у добрым разуменні гэтага слова. Ён быў улюбёны ў жывое народнае слова, натуральнае зліццё думкі, вобраза, мелодыі радка. У яго вершах родная прырода жыве і дыхае разам са сваімі краявідамі. Ягоны лірычны герой бачыць поўню месяца на дне вячэрняга возера, дзе пошум вецярка разрывае сівы абрус туманоў. На дне ж ракі – «шматкроп’і серабра», дзе «патануў блакіт нябёс глыбока», ён хоча набраць зор для каханай. Радасць жыцця, шчасце кахання робіць ягоны зрок надзвычай празрыстым – і паэту так вольна ў гэтым свеце з ягонымі туманамі, што спрабуюць узляцець на вільготным крыллі, галасамі жураўлінымі, адбіткамі зары на вадзе і яснай сінню на небасхіле.

Аднак усё перакуліла вайна: Рыхтуючыся да дзяржаўных экзаменаў (на некалькі дзён я прыехаў у Добруш да бацькоў), пачуў страшэнную вестку – вайна. Інстытут працаваў, мы здавалі экзамены. Старшынёй камісіі быў Іван Гутараў. Мне запомніўся яго гумар, у якім было многа спакою і вытрымкі. Калі ноччу на Гомель наляталі варожыя самалёты і мы беглі ў бамбасховішча, ён жартам гаварыў: «А на мяне яшчэ не адліта куля». Фронт пакуль быў далёка ад Гомеля, але ён для нас, студэнтаў, пачаўся своеасабліва. Нас узбройвалі вінтоўкамі і даручалі ахоўваць склады з гаручым ці лавіць лазутчыкаў, якія ноччу падавалі сігналі варожай авіяцыі.

Здадзены дзяржаўныя экзамены. Пачаўся экзамен на мужнасць, на адвагу, на любоў да Радзімы. Аб вайне мы ведалі з кніг, з кінафільмаў. І вось яна, ненажэрная, лютая, дыхнула нам у твары дымам, полымем, смерцю. Мы пайшлі па розных дарогах, але да адной мэты – насустрач перамозе над лютым ворагам.

Пачалося нязвыклае франтавое жыццё. Саўінфармбюро паведамляла сумныя весткі. З’явіўся Гомельскі напрамак. У горадзе, дзе прайшлі студэнцкія гады, лютаваў вораг. Будучы далёка ад роднага краю, у акопах і зямлянках я пісаў вершы. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Некаторыя з іх друкаваліся ў франтавой газеце «На разгром врага». Некалькі вершаў паслаў у Маскву, дзе выдавалася газета «Савецкая Беларусь». Аднойчы ў акоп прынеслі важкі канверт. Я раскрыў яго і замёр у здзіўленні: там была паштоўка ад Кузьмы Чорнага і яго зборнічак «Кат у белай манішцы». У нашым аддзяленні служылі беларусы, рускія, украінцы. Мы не зважалі, што побач ірвуцца варожыя снарады, – чыталі фельетоны Кузьмы Чорнага. У сваім пісьме Кузьма Чорны даваў мне парады, разбіраў мае вершы і жадаў хутчэй быць на роднай вызваленай зямлі. Франтавыя сябры часта прасілі ў вольную хвіліну: «Пачытай яшчэ фельетоны…»

У маім рэчавым мяшку ляжаў томік вершаў Купалы. Чытаючы яго творы, я ўяўляў родную Беларусь. Так нарадзіліся радкі:

 

У бліндажы, траншэі вузкай,

Хоць бой упарты бушаваў,

А роднай мовы беларускай

Ніколі я не забываў.

 

На гэтай мове калыханку

Спявала маці ў цішыні.

«За Беларусь!» – на грозным танку

Пісаў прад боем на брані.

 

А ў час кароткага прывалу,

Хоць стомлен, адпачыць бы рад,

Я зборнік з вершамі Купалы

Чытаў для землякоў-салдат.

Восенню 1943 года наша гвардзейскай зенітная дывізія была перакінута пад Гомель. Пагодлівыя сонечныя дні. Лясы ў золаце лісця. Але фарбы восені не маглі схаваць таго, што мы ўбачылі: скарэжаны мост праз Сож, абгарэлыя дамы, руіны.

Франтавая дарога павяла на захад. Вось выпалены Мінск, Брэст, Варшава. Нашы войскі падышлі да граніц Нямеччыны.

На адной плошчы Берліна да слёз балюча было назіраць такі малюнак: хлапчук гадоў дзесяці з вядзерцам падышоў да кухні. Повар – высокі вусаты ўкраінец – зірнуў на яго і не адмовіў у пачастунку. Хлапчук прагна накінуўся на ежу. Стары салдат, які прайшоў ад Волгі да фашысцкага логава, адвярнуўшыся, заплакаў: «Двух маіх сыноў фашысты жыўцом спалілі…»

Тут, у Берліне, дзе ўжо змоўклі баі, напісаліся радкі пра дарогі жыцця, якія давялося прайсці:

Не экскурсантам, а салдатам,

Абпаленым агнём баёў,

З гранатамі ды аўтаматам

На дах рэйхстага я ўзышоў.

Глядзеў на ўсход я ў задуменні,

Здалёку бачыў родны край:

Палеткі ў зелені вясенняй,

Свой Гомель, па-над Сожам гай.

Прыгадваюцца тыя хвіліны, калі змоўклі гарматы і ўсталявалася ўрачыстая цішыня. Воіны, якія прайшлі суровыя дарогі вайны, ставілі свае подпісы на ссечаных кулямі і снарадамі сценах рэйхстага. Цікава было чытаць тыя скупыя радкі, якія ўмяшчалі і боль і радасць пераможцаў. Бачыў я подпісы і сваіх землякоў-беларусаў.

Хацелася хутчэй на Радзіму, падыхаць яе паветрам, сустрэцца пасля доўгай ростані з сябрамі, роднымі. І гэты час неўзабаве надышоў.

У суровых выпрабаваннях і пакутах вайны ліра паэта пасталела. Паэтычныя творы, што нараджаліся ў баях і пасля іх (а пад усімі імі пазначана: Бранскі, Беларускі, Цэнтральны франты, Берлін, Рэйхстаг), выразна мянялі сваё гучанне. Але засталося галоўнае – спасціжэнне праўды жыцця. У лісце да сябра-аднакурсніка М. Сурначова, які не дойдзе тыдзень да Перамогі, ён адмаўляецца ад сябе былога: «ўчора я спяваў аб травах, красках. Аб птушках, зорах, сіняве нябёс…»

Пісаць цяпер нялоўка пра салоўку,

Душы цяпер не хочацца цішы.

Бяры, паэт, бяры, паэт, вінтоўку,

Штыком паэмы гнеўныя пішы.

Лірычныя замалёўкі зменяць «Акопныя вершы», «Пісьмы ў Беларусь», заклікі, успаміны, звароты да салдатаў і партызан. Добры салдат, надзейны таварыш, ён у думках увесь на Радзіме, на Беларусі. Ганарыцца слаўнымі імёнамі Заслонава, Гастэлы, Сільніцкага, але, як закрые вочы, бачыць родныя хвоі, азёры і як гарэў родны Гомель:

Як вадою шырокага Сожа

Праганялі мы смагу, калі

Па-над Гомелем хмары варожых

Пікіроўшчыкаў чорных ішлі.

Любоў да роднага краю, роднай мовы, якая сагравала ў халодным акопе, дазволіла хлопцу выжыць і вярнуцца на Радзіму. Можа, рэзкі кантраст вайны і мірнага жыцця прывёў да таго, што ў першыя пасляваенныя гады ён празмерна, як цяпер можа здасца, усхваляў радасці мірнай стваральнай працы. Але гэта тлумачыцца ў першую чаргу любоўю да роднага краю, яго працавітых людзей, верай у светлую будучыню. Самае галоўнае, што нават у вершаваных замалёўках, рэпартажах ён заставаўся паэтам са сваім адметным бачаннем свету, сваім, пранузаўскім, радком, сваёй адметнай, хай і не вельмі кідкай, вобразнасцю і мелодыкай.

Зразумела, што настаўнік (Павел Кузьміч доўгі час працаваў выкладчыкам у Нясвіжскім педвучылішчы імя Якуба Коласа і настаўнікам у СШ № 3 г. Нясвіжа) не мог не пісаць для дзетак. Вершы П.Пранузы для малодшага пакаленя – гэта яркая старонка беларускай дзіцячай паэзіі. Паэт выключна па-новаму ўбачыў звыклыя родныя з’явы – першы марозік, баравічок і мухамор, сінічку і снегіроў, сняжынку-балярынку і г. д. Ягоныя дзіцячыя вершы вылучаюцца добрым разуменнем дзіцячай псіхалогіі, выразнасцю мовы.

Ціхае, на першы погляд, жыццё П. Пранузы, стала сапраўдным сімвалам пакалення. Настаўнік па адукацыі, ён праз усё жыццё пранёс любоў да дзяцей, вучыў іх, бараніў, не шкадуючы ўласнага жыцця, імкнуўся прывіць любоў да роднай мовы, прыгожага, разумнага, вечнага. І хочацца схіліць галаву перад гэтым мужным і прыгожым чалавекам.

Асноўныя зборнікі паэта: «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Непаўторнасць» (1974); кнігі для дзяцей: «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Ручаёк» (1969) і інш. (усяго каля дваццаці). Да 85-годдзя паэта ў 2003 годзе выйшаў зборнік выбраных вершаў для дзяцей «Акуніся ты ў крыніцу», які ўпрыгожаны дзіцячымі малюнкамі.

Усё жыццё ён ганарыўся тым, што вучыўся ў Гомельскім педінстытуце і падтрымліваў сувязь з Alma mater, пісаў лісты і згадкі. Некаторыя з іх прыводзім ніжэй. Першы з іх – ліст да аўтара кнігі:

Паважаны Іван Фёдаравіч!

Прашу прабачэння, што затрымаўся з адказам на Ваша цікавае і нечаканае пісьмо. Сталася так, што на некаторы час я выязджаў са сталіцы.

Мне прыемна было даведацца, што Вы ўзнімаеце пытанні, звязаныя з далёкай гісторыяй вучобы тых студэнтаў, якія вучыліся ў Гомельскім педінстытуце і пісалі вершы. Маімі сябрамі былі Мікола Сурначоў, Кастусь Кірэенка, быў знаёмы з Леанідам Гаўрылавым, Васілём Корневым. Пачынаў пісаць добры мой сябра Фёдар Алесь. У час вайны я перапісваўся з ім і пасля вайны. Аб паэзіі ён нічога ніколі не гаварыў. Нядаўна я атрымаў ліст ад яго жонкі з Казані, даведаўся, што ён пакінуў гэты свет. Маю яго фота. Ён быў ваенным, падпалкоўнікам. Родам ён з вёскі Сычкава, з Бабруйшчыны.

Аб Сурначове я пісаў многа. Апошні артыкул у сувязі з яго 80-годдзем надрукаваны ў «Маладосці» №2 за 1998 г. У зборніку «Акопны спеў», які я склаў, асвятляецца шырока жыццё М. Сурначова. Мой верш пра яго я надрукаваў у «Маладосці» № 3 за 1998 г.

Не буду хваліцца, але скажу, што друк Беларусі даў многа матэрыялу ў сакавіку аб маім 80-годдзі. «Гомельская праўда», артыкул Міхася Даніленкі, «Беларуская ніва», «Рэспубліка», «Народная газета», «Чырвоная змена», «Во славу Родины», «Ранак», «Зорька», «Лім», «Настаўніцкая газета», часопісы «Маладосць» №2 і № 3 1998, «Полымя» № 3, «Роднае слова» №3, «Вясёлка» № 3, «Бярозка» № 5, «Пралеска» № 3.

Я маю пісьмы ад Сурначова часу вайны. Яны друкаваліся раней і ўключаны ў зборнік «Акопны спеў». Думаю здаць іх у Літаратурны музей.

На фронце я друкаваўся ва франтавых газетах, каб знайсці сяброў. Першым знайшоў мяне Мікола Сурначоў. Пасылаў вершы ў Маскву, дзе друкаваліся газеты «Савецкая Беларусь» і плакат-газета «Раздавім фашысцкую гадзіну». Друкаваліся там мае вершы.

Кузьма Чорны прысылаў мне газеты, у якіх друкаваліся мае вершы. Газеты я адсылаў Сурначову, некаторыя з іх я пранёс праз усю вайну. Захоўваю іх, як святыні.

Пра Кастуся Кірэенку скажу пару слоў. Аб ім многа напісана арыкулаў. Добры быў сябра. Працаваў у часопісе «Беларусь». Друкаваў мяне. Прыгадвалі студэнцкі Гомель.

Некаторыя матэрыялы буду ам высылаць: аб сустрэчах з пісьменнікамі, паездках па краіне.

У Гомелі выступаў з Астрэйкам, Карпавым, Скрыпкам, Дайлідам, Башлаковым.

Я мог бы ўказаць па крыніцы (газеты, часопісы), але знайсці і прыдбаць іх будзе цяжка.

З найлепшымі пажаданнямі поспехаў у высакароднай справе «прыбліжэння» паэтаў да нашага часу.

Сардэчна Паўлюк Прануза

15.06.1998

ЯБЛЫКІ
Звычайна, калі трапляеш у горад, з якім мала знаёмы, адразу прыгадваеш адрасы сяброў ці знаёмых, нейкім чынам звязаных з гэтай мясцовасцю. Не так даўно мне давялося выступаць у Рагачове па лініі Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў. У маёй памяці захавалася імя Міколы Сурначова, які вучыўся ў гэтым горадзе. У канцы 30-х гадоў мы разам вучыліся ў Гомельскім педінстытуце. Потым ён пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў «Чырвоную змену». У той час я спрабаваў пісаць вершы і некаторыя з іх аднойчы адважыўся даслаць ў рэдакцыю. Вершы былі надрукаваныя пад псеўданімам «Паўлюк Дабруша». Крыху пазней я даведаўся, адкуль ён з’явіўся. У сваім лісце да мяне Мікола пісаў: «Ці чытаў ты літстаронку ў «Чырвонай змене», дзе былі змешчаны твае вершы пад псеўданімам «Паўлюк Дабруша»? Удала я ахрысціў цябе ці не?..» Тады я жыў у горадзе Добруш, і вырашыў, што псеўданім даволі ўдалы…

У Рагачове я даведаўся, што адна з вуліц носіць імя Сурначова. Знаходзілася яна недалёка ад цэнтра горада. Шырокая, роўная. Я стаяў і любаваўся вуліцай. Прайшоў да канца, вярнуўся, разглядваючы драўляныя дамы, кветкі ў палісадніках. У садах ужо гаспадарыла восень. На яблынях паспелі ружовыя, жоўтыя плады.

З веснічак выйшаў незнаёмы. Убачыўшы мяне, спытаўся: «Вы, можа, каго шукаеце? Я тут усіх ведаю». Я пацікавіўся, адкуль узялася назва вуліцы. Мой субяседнік крыху падумаў і паведаміў: «Кажуць, што гэта быў паэт. Наш зямляк. Загінуў на фронце». Я прызнаўся, што сябраваў з Міколам Сурначовым.

– Пачакайце хвіліначку, – папрасіў мяне мой новы знаёмы. – Я зараз вярнуся.

Я быў вельмі здзіўлены, калі ўбачыў, што ён вынес на вуліцу кошык з яблыкамі. Яны пераліваліся рознымі колерамі на асеннім сонцы.

– Вось вам ад мяне гасцінец. Ешце на здароўе…

Яблыкі! Яны вярнулі мяне ў даваенны 1938 год у Гомельскі педінстытут.

З Мікалаем Сурначовым я жыў у адным пакоі. Там нас было чацвёра студэнтаў, усе мы шчыра сябравалі. Аднойчы, вярнуўшыся з заняткаў, мы падселі падсілкавацца і раптам пачулі стук у дзверы… Праз хвіліну Мікола кінуўся насустрач высокаму мужчыне з торбай за плячыма:

– Добры дзень, тата! Чаму ты не пісаў, што прыедзеш?..

Бацька развязаў свой клунак і пачаў выкладваць на стол кавалак сала, каўбасу, яблыкі… Іх было вельмі шмат, прыгожых, апетытных…

– Мікола, – сказаў бацька, – частуй сваіх сяброў. Няхай пакаштуюць гасцінцаў ад нашай зямлі.

– А як табе ехалася, тата?, – заклапочана пацікавіўся сын.

Той задумаўся, усміхнуўся:

– Ды пехатой ішоў трое сутак.

– Ты што, жартуеш? – не паверыў Мікола.

– Вельмі проста, сынку. Дарога недалёкая. Што ў цягніку ехаць? Слупы мільгаюць, духата, цесната… А якая асалода прайсці пяшэчкам, пабачыць свой край, сустрэцца з людзьмі. Вяскоўцы ахвотна запрашалі мяне пераначаваць. Шмат добрыў людзей сустрэў я, пагутарыў з імі…

Аднойчы мне здарылася быць у Магілёве, дзе я сустрэўся з чалавекам, які добра ведаў бацьку Сурначова. Тады я і даведаўся пра цікавы факт: у час, калі на зямлі беларускай панавалі фашысты, ён адважыўся на неверагодную рэч – пачуўшы, што ягоныя два сыны, апрача Міколы, ваявалі ў блакадным Ленінградзе, ён сабраў торбу з харчам і падаўся ў небяспечны шлях. Але быў вымушаны вярнуцца, бо на пэўным кіламетры яго затрымалі немцы…

Памятаю адзін з франтавых лістоў Міколы Сурначова. «Дарагі сябар! – звяртаўся ён да мяне. – Ня ведаю, ці давядзецца калі ўбачыцца, але памятай, што ты не забудзеш паведаміць маім родным, штокольвечы. Іх адрас… Беражы гэты адрас… Па-сяброўску абдымаю. Спадзяюся, што хто-небудзь з нас пабывае ў родных мясцінах. Беларусь будзе савецкай!»

…Ёсць у Міколы Сурначова верш «У стоптаным жыце», напісаны ў першыя дні Айчыннай вайны. У ім паэт быццам прадбачыў свой лёс:

Ніколі не ехаць

Хлапцу маладому

К заросламу мохам

Забытаму дому.

 

Над ім асыпаюцца

Слуцкія краскі,

Абсмолены колас

Схіліўся да каскі.

 

Ляжыць ён, забіты,

У стоптаным жыце.

Маці спаткаеце –

Ёй не кажыце…