Міхась Даніленка

Нарадзіўся ў 1922 годзе ў в. Ястрабка Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У трохгадовым узросце разам з бацькамі пераехаў у в. Бодры. Пра гэта пісьменнік згадвае ў аўтабіяграфіі «Сцежкі, што вывелі ў жыццё»:

У кожнага чалавека ёсць запаветная мясціна, куды часта вяртаецца ён у думках, марах. А надарыцца вольная хвіліна, – абавязкова наведае той куток,

 каб зноў прайсці па сцежках маленства, сустрэцца з людзьмі, што выпраўлялі яго ў далёкую жыццёвую дарогу.

Ёсць такая мясціна і ў мяне – невялікі пасёлак Бодры, на Лоеўшчыне. Некалі густы арэшнік падступаў да самых сядзіб бодраўцаў. Цяпер і ў паміне няма арэшніку. Шырокі абсяг праглядаецца аж да далёкага Бараноўскага лесу. Тут, праўда, можна напаткаць яшчэ сярод зарасляў высознай крапівы густы маліннік ды адзінокія дубы-тугадумы.

У Бодрым, маленькім пасёлку, куды перабраліся сяляне з бліжняй вёскі Ястрабкі, і нарадзіўся я 28 кастрычніка 1922 года. Тут прайшлі мае дзіцячыя гады. Бясконцыя гульні «ў вайну», – відаць, не толькі ў мяне былі такія захапленні. Часцяком думаю цяпер: няўжо яшчэ тады мы падсвядома адчувалі, што дзесьці на рубяжы юнацтва будзе чакаць нас страшэнная з усіх войнаў…

Настаўнік Васіль Пятровіч Язерскі хоць і выкладаў у сямігодцы матэматыку, але змог прывіць нам павагу да роднага слова. Неяк непрыкметна паявілася тады і жаданне пісаць. Вядома, спрыяла гэтаму захапленне творамі Янкі Маўра. «Амок», «У краіне райскай птушкі», «Палескія рабінзоны» мы перачытвалі па некалькі разоў. А я пад уплывам «Палескіх рабінзонаў» нават паспрабаваў напісаць пра «таямнічы востраў».

Скончыў Баршчоўскую сямігодку (1938) і ў гэтым жа годзе пачаў вучобу ў Рэчыцкім педвучылішчы. Менавіта тут і далучыўся да мастацкага слова – у мясцовай раённай газеце «Зара камуны» з’яўляюцца першыя публікацыі.

Вядома, гэта былі проста дзіцячыя забаўкі. Паступіўшы ў Рэчыцкае педвучылішча, я пачаў больш сур’ёзна думаць пра літаратурную творчасць. Тады ў рэдакцыі абласной газеты «Бальшавік Палесся» працаваў Усевалад Краўчанка. З вялікай колькасці рукапісаў, якія дасылаў я ў рэдакцыю, ён неяк выбраў замалёўку «Баравым шляхам» і надрукаваў у газеце. А потым у «Літаратуры і мастацтве» з’явіліся два маіх апавяданні. Асабліва радавалася настаўніца літаратуры Надзея Піліпаўна Прохарава. Яна і цяпер сочыць за кожным маім крокам у літаратуры. Часам радуецца, але больш засмучаецца.

Думаў я напісаць яшчэ некалькі твораў. Ды час разважыў іначай. Надышоў чэрвень страшнага 1941 года.

Дакумент аб заканчэнні вучылішча не паспеў атрымаць – пачалася вайна. Вучыўся ў запасным палку ў Казахстане, быў знішчальнікам танкаў. У маі 1942 кантужаным трапіў у палон, адкуль уцёк у 1944. Праз год вярнуўся дадому. Працаваў настаўнікам Казярожскай сямігадовай школы Лоеўскага і Ясеньскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна. Міхась Пятровіч любіў сваю настаўніцкую працу. Не аднойчы будзе згадваць, што ў Казярогах яму добра працавалася: днём вучыў дзяцей, а па вечарах пісаў апавяданні. Пра гэта потым хораша напіша ў навелах і ўспамінах. Любіў сваіх выхаванцаў, хаця яны былі няўрымслівымі і неспакойнымі. У 1952 завочна закончыў Гомельскі педагагічны інстытут. З 1953 па 1982 – у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Аднак не пашкадаваў, што змяніў настаўніцкі хлеб на журналісцкі, бо работа ў газеце дазваляла шмат чаго бачыць цікавага ў жыцці. У рэдакцыі даволі часта даводзілася чытаць рукапісы пачынаючых аўтараў, і для многіх Міхаіл Пятровіч стаў настаўнікам. І ён радаваўся шчыра, калі знаходзіў свежы, арыгінальны твор, быў проста шчаслівым, калі сустракаў сваіх хрэснікаў у рэспубліканскай перыёдыцы.

Цяпер на пенсіі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі, Ганаровай Граматай і дзвюма Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Выдатнік друку.

Друкуецца з 1940. У сваёй творчасці ў асноўным абапіраецца на ўласны жыццёвы вопыт і шматгадовую журналісцкую практыку. Гэта ўласціва як першай кнізе («Мая песня»), так і тым, што з’явіліся на працягу больш чым трыццацігадовай дзейнасці («Майская навальніца», «Журлівіца» і інш.). Найбольш удаюцца пісьменніку творы, прысвечаныя роднай Лоеўшчыне, сваім землякам, іх нялёгкай працы, вернасці свайму дому, зямлі, спрадвечнай чалавечай годнасці і абавязку (зборнікі «Маці Мар’я», «Наш дом», «Родная зямля»). Журналісцкі досвед паўплываў, безумоўна, як на стылёвыя адметнасці твораў, так і на іх жанравую структуру. Адзначаючы ў 1965 годзе, што з-пад яго пяра выйшла шэсць зборнікаў – тры для дзяцей і тры, адрасаваныя даросламу чытачу, ён сам заўважае, што многае зроблена недасканала, многае хочацца бязлітасна перакрэсліць, перарабіць. Найбольш улюбёная форма – невялікае апавяданне, навела. Выкарыстоўваючы вялікі жыццёвы вопыт і прафесійныя назіранні і высновы, ён у гранічна абмежаваных жанравых формах паказвае падзеі, што становяцца актуальнымі і злабадзённымі для многіх. Ягоныя героі – часцей за ўсё сціплыя людзі, якія імкнуцца жыць па агульначалавечых законах, і гэтым яны блізкія і дарагія самому аўтару, бо і ён усё жыццё шукаў дабра і справядлівасці і служыў ім верна і аддана. Гэтая вера ў чалавека дапамагае Міхасю Пятровічу выстаяць і ў наш няпросты час.

Хаця і шмат гадоў прайшло пасля Вялікай Айчыннай вайны, Міхась Даніленка ніколі не зможа забыць тыя страшэнныя і адначасова гераічныя гады. І як чалавек, салдат, і як пісьменнік, бо ён, як і большасць хлопцаў-равеснікаў з педвучылішчаў і педінстытутаў, пайшлі не дзяцей вучыць, а Радзіму абараняць. Таму і перыяд станаўлення і росквіту таленту М. Даніленкі – журналіста і пісьменніка (а гэта прыпадае недзе на 80-ыя гады) – тэма вайны становіцца вызначальнай у ягонай творчасці. Характэрнай у гэтым плане з’яўляецца кніга «Родная зямля» (1982), у якую ўвайшлі аповесці і апавяданні. Адкрываецца кніга амаль аўтабіяграфічнай аповесцю «Альпы», невыпадкова яна прысвечана ягонаму сябру Сцяпану Халайчаву, з якім аўтар уцякаў з палону. Сам Міхась Пятровіч, чалавек ужо ў даволі сталым узросце, спрабуе зазірнуць у мінулае, па-новаму асэнсаваць усё перажытае, згадаць тыя страшэнныя гадзіны, ад якіх ужо ніколі і нікуды не збегчы. Пра гэта ён і гаворыць у зачыне аповесці:

Чым больш праходзіць гадоў, тым часцей яны прыходзяць да мяне, то ў сне, то ва ўяўленні сваім я бачу іх падрабязна – да маленькай рысачкі. Знізу, адразу як пачынаецца даліна, яны кучаравяцца зялёнымі соснамі і піхтамі. Туды, вышэй, шэрыя лабастыя валуны пакрываюць схілы. На многіх з гэтых каменняў парос зялёны мох, ад вятроў і гарачыні глыбокія трэшчыны паявіліся на іх шурпатых баках.

Аўстрыйскія Альпы будуць прыходзіць да пісьменніка перш за ўсё сваімі белымі снягамі, ухутанымі шлейфамі хмараў і туманоў. Але не толькі жывапісныя выявы гор будуць уздзейнічаць на беларускага хлопца, які вельмі часта будзе параўноўваць чужую прыродную прыгажосць з някідкай роднай. Так, ён заўважыць, што ў Альпах амаль не чутно птушынага шчэбету і спеваў, бо, відаць, птушкі не любяць гэтых сасновых лясоў, шум якіх заглушаецца грукатам горных ручаёў і рэчак. А можа герой не чуе песняў, бо трапіў сюды зусім не па ўласнай ахвоце.

Аповесць «Альпы» ўяўляе сабой успаміны заслужанага настаўніка аб сваёй маладосці, калі юнак з апошняга курса Рэчыцкага педвучылішча трапляе на фронт (як бачым, пісьменнік выразна падкрэслівае аўтабіяграфічны пачатак твора). Міхась Пятровіч выкарыстоўвае прыём кантрасту для ўзмацнення псіхалагічна-эмацыйнага пачатку і для больш поўнага і ўсебаковага раскрыцця задумы. Так, апісваючы свой сыход з Рэчыцы, дзе ужо гарэлі дамы і фабрыкі, а над горадам вісела цёмная заслона дыму і копаці, ён узмацняе пачуццё трывогі апісаннем спелых жытоў уздоўж шашы, матылёў на дзяцельніку, каршака ў небе, дзе толькі нядаўна былі варожыя самалёты.

Ды і сама вайна паказваецца аўтарам праз прызму ўспрыняцця маладзенькага хлопца, які ніяк не можа прымірыцца са смерцю, не можа ўявіць, як юны лейтэнант, які толькі што па-сяброўску гаварыў з навабранцам, ужо ляжыць акрываўлены на плашч-палатцы, а хутка ягонае цела назаўсёды закапаюць у сырую зямлю.

Асабліва ўражваюць яго ўцалелыя кусты бэзу каля абвуголеных печышчаў, нават страшна глядзець на гэтае блізкае суседства – кветак і разбурэння. Або згадкі пра песню птушачкі: Салавей браў адну за другой ноты, і мне чамусьці яшчэ глыбей адчуваўся трагізм нашага становішча, хацелася думаць, што ўсё гэта вакол нас – страшны, прывідны сон.

Птушкі будуць суседнічаць з іншымі фрагментамі трагедый; асабліва запамінальныя апісанні на траках гусеніц кавалкаў шэрых шынялёў і скрываўленага чалавечага мяса раздушаных варожымі танкамі савецкіх воінаў; апісанні вандровак палонных салдат, многія з якіх былі застрэлены, бо не змаглі ісці. Менавіта таму Альпы для пісьменніка не столькі пекная мясціна, колькі плацдарм, дзе патрэбна выжыць і, самае галоўнае, застацца чалавекам (малады хлопец нават заўважае прыгажосць аўстрыйкі Марты, якую называе сонечным промнем у змрочны час).

Трагедыя вайны будзе ўвасоблена і ў аповесцях «Ля Дняпра, у другім эшалоне», у якой маці ідзе шукаць свайго сыночка на фронт, «Штраус у апраметнай», «Казік Рамашкевіч».

Сутыкненне светлага, юнацкага, жыццёвага з тым пачварным, што нясе фашызм, становіцца важнейшай састаўной часткай творчасці Міхася Даніленкі. Гэтая тэма яго ніколі не адпусціць, аўтар будзе звяртацца да яе ў сваіх успамінах, згадках, замалёўках і эсэ. А таму для яго не так важныя надзённыя праблемы, бо ў пісьменніка свой унутраны гадзіннік гісторыі, з якім ён звярае пошукі ўласнай душы.

Таму даволі часта будзе спалучаць у творах ваеннае мінулае і сучаснасць, як гэта па-майстэрску ўвасоблена ў лірычным апавяданні «Родная зямля». Апісанне вішняў у замеці мая рэзка кантрастуе з доляй Карнея Пятровіча, які страціў у вайну трох сыноў, але застаўся чалавекам, якога ўсе паважаюць. Такім жа паўстае і Апанаска Лугавы з аднайменнай аповесці, які жыў хораша і прыгожа памёр, забраўшы з сабою людскую любоў і павагу. А вось як згадвае пісьменнік своё вяртанне на радзіму пасля вайны ва ўспамінах «Майскае сонца над Плаўэнам» («Літаратура і мастацтва», 8 мая 2009):

…Нямела сэрца, калі ўбачыў быльнёг па плечы чалавека, чорныя коміны печаў на месцы былой маёй вёскі Ястрабка на Лоеўшчыне. Я ішоў з салдацкім рэчмяшком за плячыма (нёс трохі мукі, рулончык паркалю ды яшчэ таго, што нам выдзелілі на складзе ў нейкім нямецкім горадзе) і разумеў: гэта трэба было літаральна ўсё ўзнімаць з попелу. Крыху палягчэла, калі на канцы вуліцы пачуў удары сякеры.

– А, Пятроў сын? – здзівіўся мужчына, які сядзеў на зрубе. – А казалі, што загінуў… Маці твая памерла, не дачакалася. Ідзі: бацька, мусіць, дома – абрадуецца…

У мяне захаваўся калектыўны здымак навучэнцаў другога курса Рэчыцкага педвучылішча. Юнакі і дзяўчаты – па сутнасці яшчэ дзеці – з наіўнасцю, яснымі вачыма глядзяць у фотааб’ектыў. Мы не ведаем, што праз год пачнецца самая страшэнная вайна. Пасля яе з усіх выпускнікоў-юнакоў з нашага класа у жывых застануцца толькі двое…

Для дзяцей М. Даніленка выдаў кнігі «Вернасць слову», «Зачараваны гарлачык», «На вуліцы Сонечнай», «Ключы бабулі Зімы». Пісаў таксама вершы. Некаторыя з іх пакладзены М. Блюміным і Э. Логашам на музыку.

Якраз паэтам у прозе і застаўся Міхась Пятровіч у творах для самых маленькіх. Дзядуля Міхась адкрывае гэты таямнічы і загадкавы, а, самае галоўнае, такі прыгожы сусвет, у якім усё жывое, нават поры года. Так, зусім не проста ў канцы лета мяняецца наваколле. Гэта задумала Восень сабе абнову пашыць… І перш за ўсё выбрала залатыя і чырвоныя колеры: яны ёй больш да твару. Ціха хадзіла палямі, пералескамі і падбірала сабе на сарафан то трохі чырвані, то залацінак, што свяціліся ў лістоце дрэў. І асіна і груша аж чырванелі ў праменях сонца, а клёны і бярозы залаціліся сваімі кронамі на ўзлессі.

«Добра было б пацеркі падабраць», – падумала Восень і ўбачыла рабіну. Гронкі яе наліліся чырванню, цяжка звісалі долу. Чым не пацеркі?

А потым Восень яшчэ збірала дробненькія сінюткія кветачкі верасу, сціплых бяссмертнікаў. А ў кужэльную касу ўпляла трапяткія белыя павуцінкі.

Так успрымаць змены на зямлі можа толькі сапраўдны паэт. Ды і сама Восень бабулі Зіме ключы аддала, каб яна кіравала нашым краем пэўны час. Усё у гэтым свеце незвычайна: восень глядзіцца ў возера, як у люстэрка; снягір з’яўляецца вестуном Зімы, якая прыходзіць у валёнках, рукавіцах, узмахвае рукавом кажуха – і адразу рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. І як не паверыць маленькі чытач, што існуюць прыгожыя, серабрыстыя ключы, якімі можна мяняць усё наваколле, адамкнуўшы нябачны замок.

І ў гэтым прыгожым свеце трэба жыць па чалавечых законах, каб не парушаць сусветнай гармоніі. Трэба клапаціцца пра параненага жаўрука («Журка»), дапамагаць бабулі, і тады нават цыбуля будзе здавацца салодкай на смак («Салодкая цыбуля»), любіць людзей, і тады чужая жанчына стане блізкім чалавекам («Мама»), ведаць, што ёсць слова, якое вызначае жыццё («Чароўнае слова»), вывучаць не толькі асновы малявання і чытання, але і «Зімовай азбукі», шанаваць памяць тых, хто аддаў жыццё за цябе («Імёны на граніце»). Тады ўсім, і маленькім і вялікім, і звярам і птушкам, будзе хораша на вялікай зямлі.

Жыве пісьменнік у Гомелі. Але, як пачынаецца вясна, абуджаецца прырода, вяртаецца на родную Лоеўшчыну, дзе жыве, як і раней, са сваімі землякамі агульнымі радасцямі і праблемамі, дзе чакаюць яго шпакі ў старых шпакоўнях.

Многія здзіўляюцца і творчаму даўгалеццю пісьменніка. І цяпер Міхась Пятровіч друкуецца на старонках штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», іншай перыёдыцы. Праўда, у апошні час ён усё часцей абірае невялічкія па аб’ёме формы, у якіх можна выказаць уласныя вывады і назіранні. Што ж, ён мае на гэта права, бо пісьменнік, пажыўшы на свеце і ўсяго пабачыўшы, становіцца філосафам. Так, ён друкуе ўспаміны (зусім нядаўна, да 65-годдзя вызвалення Беларусі, пра пісьменнікаў Гомельшчыны, што здабывалі Перамогу), але цяпер звяртаецца да формы згадак, ці, як ён называе сафізмаў. Так, яго цікавіць, які след пакідае чалавек на зямлі, якую памяць пра сябе, чаму кожнага клапоціць, што пра яго будуць гаварыць і думаць людзі, калі самога ўжо не будзе на зямлі. А можа якраз тыя шпакоўні ці аградка крыніцы адвечнай і ёсць самы галоўны напамінак пра быццё асобы. У сафізмах ён разважае аб агульных, здавалася б, надзвычай звыклых рэчах, з якімі сустракаемся штодня (Хлеб, Вада, Соль, Агонь). Але з вялікага жыццёвага і пісьменніцкага вопыту ён ізноў услухоўваецца ў гучанне гэтых асноў быцця: Агонь, паветра, вада і зямля: чатыры стыхіі. І без ніводнай з іх жыць чалавек не можа. Дык будзем жа іх вечна шанаваць, а таму адкрываецца вялікая таямніца ў самых простых рэчах.