Зараджэнне універсітэцкай школы прыгожага пісьменства практычна супадае са станаўленнем нашай Alma Mater.

Ля іх вытокаў стаялі маладыя паэты Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Васіль Корнеў, чые светлыя ўваходзіны ў краіну паэзіі абарвала вайна. Яны назаўсёды засталіся ў нашай памяці і беларускай паэзіі зусім маладзенькімі, як і іх юнацкія творы.

Усяго дваццаць тры гады пражыў на белым свеце Леанід Гаўрылаў, які загінуў на самым пачатку вайны. Заўчасная смерць не дала маладому хлопцу на ўсю магутнасць разгарнуць паэтычныя крылы. А гэтыя крылы, як лічыць яго аднакурснік К. Кірэенка, былі для высокага і шырокага палёту. Аб гэтым і сведчаць творы – магчыма часам недасканалыя, але такія шчырыя, адкрытыя. Здарылася так, што на паэтычным шляху Л. Гаўрылава не было пачатковага этапу. Уваходзіны так і засталіся спадчынай. Але і па гэтых творах мы бачым, якога паэта ад нас забрала вайна.

Жыццё, смерць і бяссмерце маладога воіна звязаны і з подзвігам яго маці, якая ў невыносных умовах захавала на ўласных грудзях сшытачак з творамі сына і яго сціплы здымак, тым самым уратаваўшы яго голас ад векавога забыцця. Маці дала творам сына другое жыццё, дзякуючы яе мацярынскай любасці і веры мы сёння можам ізноў пачуць пранікнёныя вершы яе сына.

Доля Міколы Сурначова была болей спагаднай, калі так можна сказаць: лёс яму адмераў амаль дваццаць восем гадоў. І загінуў ён за два тыдні да Перамогі, не дайшоўшы да Берліна роўна 8 кіламетраў. Якраз там стаіць брацкая магіла, што прыняла навекі маладога хлопца з Сожа. А сваю долю паэт прадказаў яшчэ ў 1941 годзе, на Заходнім фронце, у славутым вершы «У стоптаным жыце». Прадчуванне ўласнага лёсу пад пяром паэта становіцца велічным прадказаннем трагедыі ўсяго пакалення, якому ніколі ўжо не ехаць «да блізкага гаю, да роднага дому». Цяпер ніводная славянская анталогія ваеннай паэзіі ўжо не можа адбыцца без славутай балады М. Сурначова. Невыпадкова сам аўтар «Василия Теркина» перастварыў яе на рускую мову і трагедыйныя радкі твора загучалі ў суладдзі з вядомымі радкамі «Его зарыли в шар земной».

Вайна стала вызначальнай і ў паэзіі Кастуся Кірэенкі. Тонкі лірык на пачатку свайго творчага шляху, які зайздросціў летняму дажджу, што мае права вольна дакрануцца да рукі каханай, першы свой паэтычны зборнік цалкам прысвячае гераічным будням воіна. Для паэта галоўным становіцца не ўвасабленне прыгажосці краявідаў роднага Палесся, а ўслаўленне подзвігу радавога салдата, які абараняе родны край і сваё светлае заўтра.

Толькі ў апошнія гады жыцця, будучы ўжо прызнаным майстрам, лаўрэатам Дзяржаўных прэмій, Кастусь Кірэенка на новым этапе звяртаецца да асэнсавання класічных праблем быцця, рэзка мяняючы змест сваіх твораў. Паэт спасцігае, што веліч чалавечай душы раскрываецца не толькі ў пагранічных сітуацыях вайны. Рэальныя чалавечыя трагедыі (адчуванне сваёй нявечнасці на зямлі, самотнае каханне) даюць не менш значныя і велічныя вехі існавання ў гэтым свеце.

Своеасаблівым сімвалам долі паэтаў-франтавікоў стаў лёс Паўлюка Пранузы. Атрымаўшы дыплом настаўніка ў першыя дні вайны, ён пайшоў не дзяцей вучыць, а іх бараніць. Малады артылерыст-зенітчык усе чатыры гады вайны быў на пярэднім краі. За ўсіх сваіх палеглых сяброў дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу. А пасля вайны ўсё аддаваў дзецям – да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам. І быў Паэтам. Цудоўнае ўвасабленне памкненняў гераічнага і летуценнага пакалення!

Якраз згаданыя выпускнікі-франтавікі і прынеслі сапраўдную заслужаную славу Гомельскаму педінстытуту як кузніцы паэтаў. Іх творчы вопыт у спалучэнні з юнацкай няўрымслівасцю, рамантычнай захопленасцю, падчас нават экзальтаванасцю і суровай, бязлітаснай праўдай вайны стаў вызначальным для ўсёй паэтычнай генерацыі, бо менавіта яны ўпершыню паядналі на практыцы штык і пяро, заплаціўшы за гэтыя спробы сваёй крывёю і нават жыццём. Ці не таму іх творчая спадчына непадзельная – яна стала па сутнасці інтрадукцыяй, уступам да той велічнай калектыўнай балады мужнасці і адвагі, якая праз некаторы час паведае ўсяму свету аб мужнасці і нескаронасці беларусаў. І невыпадкова, што праз пэўны час жыццёвы і творчы вопыт паэзіі, агнём абпаленай, на новым узроўні згадаюць пісьменнікі-эпікі, у тым ліку і тыя, што прыйдуць у сцены галоўнай навучальнай установы роднага Палесся.

Сапраўды, яе студэнтамі адразу пасля таго, як сціхлі грымоты навалы, сталі М. Даніленка, А. Капусцін, ужо згаданы Іван Пятровіч Шамякін. Якраз у гэты час народны пісьменнік, будучы студэнтам-завочнікам Гомельскага педінстытута, днём вучыў дзетак, а вечарамі ў халаднаватай хаціне пачынаў пісаць свае першыя раманы. Праўда, праз некаторы час ён патрапіць у ВПШ, бо пераедзе ў Мінск, але першыя ўрокі творчасці спазнае усё ж такі ў сценах нашай Alma Mater. Новае пакаленне, у адрозненне ад папярэднікаў, было больш схільным да прозы. Гэта тлумачыцца хутчэй за ўсё тым, што яму патрэбна было выказацца за ўсіх сваіх равеснікаў, якія не дайшлі да светлай Перамогі. Хаця, канешне, у сценах, якія памяталі гулкія галасы сваіх таленавітых выхаванцаў, не магло заціхнуць паэтычнае слова. Магчыма, паэты проста не заявілі аб сабе так магутна, як згаданыя вышэй празаікі. Хаця мажлівасці для гэтага былі. Цікавыя замалёўкі роднай прыроды пакінуў Алесь Хведар, дзеткам прысвяцілі свае першыя кнігі Нічыпар Парукаў і Станіслаў Кацуба, згадкі якога пра родны куточак могуць упрыгожыць любую анталогію.