Мікола Грынчык
(01.VIII.1923 – 12.X.1999)
Выключную ролю ў станаўленні універсітэта літаратурнага адыграў выдатны вучоны і паэт у душы прафесар М.М. Грынчык, які прыехаў у Гомель з Акадэміі навук у 1969 годзе.
Мікола Міхайлавіч Грынчык нарадзіўся ў жніўні 1923 года ў мястэчку Быцень былога Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) у вялікай нават па тым часе патрыярхальнай сям’і (усяго было 11 душ, а зямлі – 2,2 гектара). Жылося хоць і не заўсёды сытна, але затое весела, цікава, дружна. Пасля трэцяга вяселля засталіся без каровы – прыйшлося мне пасвіць малое цялятка, пакуль выгадавалі з яе маладую кароўку Лысуху, – згадваў будучы прафесар.
Родны Быцень (некаторыя называюць яго Бытэнь) паўплываў на станаўленне і долю як маладога Міколкі, так і сталага вучонага Міколы Міхайлавіча. Мястэчка вядомае з XVI стагоддзя, славутае быценскай царквой і капліцай, якія ўваходзілі ў склад базыльянскага манастыра.
Ніколі Мікола Грынчык не парываў з роднымі мясцінамі, усе дні адпачынку жыў у бацькавай хаце, прымаў удзел у жыцці месцічаў і парафіяльнай царквы. Згодна ягонага запавету і пахаваны на мясцовых могілках, поруч з роднымі і блізкімі людзьмі. Быцень быў сапраўдным цэнтрам духоўнасці – сюды прыязджалі многія паэты і празаікі. Засталіся здымкі, як Ул. Караткевіч гародзіць плот на паселішчы М. Грынчыка. Якраз Уладзімір Сямёнавіч прысвяціў многа вершаў Міколу Міхайлавічу і ягонай жонцы Любові Аляксееўне.
Вучыўся маленькі Мікола спачатку ў Быценскай паўшэхнай школе, а потым, як лепшы вучань павета, у Варшаве, куды яго паслалі за казённы кошт.Там добра вывучыў польскую мову і літаратуру. Там і зразумеў, што ён беларус, крэсовяк, бо мясцовыя дзеці абзывалі яго пагардліва «cebula», г.зн. праваслаўны, мужык, па аналогіі з купаламі праваслаўнай царквы, якія знешне нагадваюць гэтую агародніну. Вучоба ў чужой акупацыйнай школе была нуднай, нецікавай, цяжкай. Прыход савецкіх войскаў у верасні 1939 віталі ўсе з радасцю, не ведаючы, што гэта быў па сутнасці пачатак Другой сусветнай вайны. Гэтыя няпоўныя два гады вучыўся ў Слонімскай беларускай школе № 1, а затым перавёўся ў Косаўскую сярэднюю школу.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у змаганне з ворагам. З лета 1942 года быў звязаны з партызанскім падполлем Слоніма, а з сакавіка 1943 стаў сувязным атрада «Савецкая Беларусь» брыгады імя П.К. Панамарэнкі. Пасля вызвалення Беларусі адразу пайшоў на фронт. Пад Варшавай у час дэсантнай аперацыі быў цяжка паранены. Настолькі цяжка, што ўсе лічылі яго мёртвым. Яго ўжо валаклі за ногі ў брацкую магілу, і толькі тады ён на імгненне расплюшчыў вочы. Потым гэты магутны юнак, грэнадзёр цэлы год лячыўся ў шпіталях Крыма. Магутны арганізм пераадолеў смяротны ўдар, клапатлівыя рукі дактароў і асабліва санітарак паднялі яго на ногі. Праз год ён ачуняў і вярнуўся дадому, але на галаве так і засталася незагойная рана – прабіты чэрап, зацягнуты тонкай скурай галавы. У паганае надвор’е рана заўсёды нагадвала пра сябе. Вайна пакінула незагойны адбітак і ў душы маладога хлопца. Ён яе ненавідзеў, але заўсёды згадваў франтавое братэрства, схіляў галаву перад франтавікамі, лічыў Свята Перамогі самым вялікім, з гонарам насіў баявы ордэн Айчыннай вайны І-й ступені.
Пасля вайны некаторы час працаваў чыноўнікам у адміністрацыі тагачаснага Быценскага раёна. У 1948 годзе стаў студэнтам Гродзенскага педінстытута, які скончыў у 1952 годзе. Праўда, і тут адбыліся дзіўныя метамарфозы. Паступаў Мікола Грынчык на матэматычны факультэт, але калі прыёмная камісія прачытала ягонае сачыненне, угаварылі пайсці на філфак. Аднак выразныя матэматычныя здольнсці потым не аднойчы праяўляліся ў адоранай натуры прафесара. Так, у адрозненне ад большасці прадстаўнікоў тагачаснага літаратуразнаўства, якія грашылі красивостями, нанізваючы на радок самыя незвычайныя параўнанні, М. Грынчык імкнуўся да выключнай дакладнасці, выверанасці, аргументаванасці сваіх артыкулаў. Рэдакцыі некаторых часопісаў падчас бянтэжылі акадэмізм (у лепшым разуменні гэтага слова) прац будучага прафесара, аднак у гэтым, на наш погляд, і схавана прычына іх актуальнасці да нашага часу.
Станаўленне М. Грынчыка-даследчыка пачалося ў 50–60-я гады, калі ён паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, а затым паўтара дзесяцігоддзі працаваў у гэтым Інстытуце.
Асабліва талент Міколы Грынчыка як вучонага і арганізатара навукі разгарнуўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, дзе ён з 1970 па 1980 год узначальваў кафедру беларускай літаратуры, стаў заслужаным дзеячом навукі нашай рэспублікі. Энцыклапедычна падрыхтаваны, шырока і разнастайна эрудыраваны, ён стварыў школу па даследаванню рэгіянальных асаблівасцей літаратуры і фальклора, падрыхтаваў вялікую колькасць высокакваліфікаваных дацэнтаў і прафесароў. Цяперашнія дактары навук Іван Штэйнер, Мікола Хаўстовіч, дацэнты Віктар Ярац, Уладзімір Каваленка, Уладзімір Сенькавец, Людміла Піскун з Гомеля, Мінска, Брэста, Мазыра з гонарам узгадваюць свайго незабыўнага настаўніка. Апошнія гады прафесар Грынчык Мікола Міхайлавіч працаваў загадчыкам кафедры літаратуры Беларускага універсітэта культуры, дзе таксама пакінуў незабыўны след.
Вызначальных напрамкаў творчай спадчыны М. Грынчыка некалькі. Першы і асноўны – праблема мастацкага фалькларызму, узаемадзеяння мастацкай літаратуры, галоўным чынам паэзіі, з вуснай народнай творчасцю. Менавіта гэтым шматстайным аспектам узаемадзеяння і былі прысвечаны ягоныя дысертацыі (кандыдацкая і доктарская), якія сталіся асновай сур’ёзных, грунтоўных кніг, што не страцілі свайго тэарэтычнага і практычнага значэння да нашага часу.
У першай з іх – М. Богданович и белорусский фольклор (1958), якая затым стала асновай манаграфіі «Максім Багдановіч і народная паэзія» (1963), упершыню паказаў ролю фальклора ў станаўленні ідэйна-эстэтычных арыентацый Максіма Кніжніка, вызначыў фальклорныя вытокі многіх сюжэтаў і вобразаў ягонай паэзіі. У грунтоўнай манаграфіі «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі» (дысертацыя Фольклорные традиции в белорусской дооктябрьской поэзии (1969) на высокім тэарэтычным узроўні з прыцягненнем велізарнага фактычнага матэрыялу паказаў выключную ролю фальклорна-песенных традыцый у зараджэнні і станаўленні новай беларускай літаратуры. У шэрагу манаграфій і артыкулаў для энцыклапедычнага даведніка «Янка Купала» і Біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» вызначыў фальклорныя элементы ў творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, П. Глебкі.
У час працы загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта стварыў студэнцкую навуковую лабараторыю па фальклору, дзе збіраліся значныя фальклорныя матэрыялы, запісаныя студэнтамі і выкладчыкамі пад кіраўніцтвам прафесара М. Грынчыка ў час студэнцкіх практык і фальклорных экспедыцый. Лепшыя матэрыялы перадаваліся ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук або друкаваліся ў зборніку «Беларуская літаратура», галоўным рэдактарам якога з’яўляўся. Рэгулярна пад яго кіраўніцтвам наладжваліся канферэнцыі па праблемах рэгіянальнага пачатку ў фальклоры, мове і літаратуры. Даследаваў спецыфіку фальклору Гомельшчыны (асаблівасці балады і ваенных песняў, а таксама народнай прозы), спрабаваў правесці паралелі паміж народнай паэзіяй беларусаў і іншых славянаў, а таксама неславянскіх народаў (у прыватнасці фіна-угорскіх). Так, ён адным з першых праводзіў ідэю аб дрыгавіцкім паходжанні раўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, шукаў рукапіс «Слова пра паход Ігаравы» ў манастыры Быценя. Ён узгадаваў многіх паэтаў, быў Настаўнікам для В. Ярца, А. Сыса і ўсіх універсітэцкіх паэтаў, пра якіх дбаў і клапаціўся. Імкнуўся адрадзіць некаторыя звычаі і абрады ў новых умовах. Знаходзіўся ля вытокаў фалькларыстычнай школы ў ГДУ імя Ф. Скарыны.
Шмат зрабіў для вывучэння адметнасцей беларускай песні ў Інстытуце культуры. З’яўляўся членам савета па абароне дысертацый пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Пад яго кіраўніцтвам абаронены шэраг дысертацый па фальклору альбо ўзаемадзеянні фальклору і літаратуры.
Мікола Міхайлавіч доўгі час з’яўляўся каардынатарам літаратуразнаўчых і фалькларыстычных даследаванняў у рэгіёне і рэспубліцы, чаму спрыяў той факт, што з 1973 па 1983 год быў галоўным рэдактарам міжвузаўскага зборніка «Беларуская літаратура». Акрамя даследаванняў народнасці літаратуры, вялікую ўвагу ўдзяляў вельмі складанай тэарэтычнай праблеме – вершаскладанню, якая ў той час была амаль не распрацавана. Ягоная грунтоўная манаграфія «Шляхі беларускага вершаскладання» актуальная і для нашага часу, больш грунтоўных прац у нас, на жаль, за апошнія 30 гадоў не з’яўлялася.
Мікола Грынчык шмат артыкулаў прысвяціў бягучаму літаратурнаму працэсу, напісаў грунтоўныя манаграфіі па творчасці Аркадзя Куляшова, Пятра Глебкі, Максіма Багдановіча. Ён з’яўляўся суаўтарам акадэмічнай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і падручнікаў для вну, па якіх да гэтага часу вучацца студэнты. Стварыў і клапатліва падтрымліваў літаратурнае аб’яднанне «Крыніца», блаславіўшы многіх паэтаў у літаратуру.
Традыцыі, закладзеныя прафесарам М.М. Грынчыкам у час працы ў ГДУ імя Ф. Скарыны, захоўваюць і цяпер у дзейнасці студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі па фальклору «Вандроўнік» і літаратуразнаўчых кафедр, працах і даследаваннях ягоных удзячных вучняў, якія прысвячаюць яму свае манаграфіі і вершы. Ён узняў літаратурнае жыццё ва універсітэце і рэгіёне на высокі ўзровень, які і падтрымліваюць цяпер яго руплівыя нашчадкі.