Леанід Гаўрылаў

(02.II.1918 – 1941)

 

Ціхі Сож. Валавяныя воды…

Бурштынее зара ў берагах.

Дзесь глухія гудкі параходаў

Аблятаюць разліўны размах.

 

Паэт Леанід Гаўрылаў нарадзіўся ў вёсцы Бердыж (некаторыя называюць Бэрдаж) Чачэрскага раёна ў сям’і малазямельнага селяніна, які хутка кінуў спрадвечны сялянскі занятак і стаўся сезонным рабочым. Менавіта таму сям’я вымушана была пераязджаць з месца на месца, жылі ў Чачэрску, Добрушы, Гомелі, перад самай вайной жылі ў прыгарадзе абласнога цэнтра, на торфазаводзе «Давыдаўскі».

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Леанід становіцца студэнтам Мінскага інстытута народнай гаспадаркі. Здавалася б, што краіна атрымае яшчэ аднаго добрага спецыяліста. Але яшчэ ў школе і тым болей цяпер Леанід Гаўрылаў адчувае пад сэрцам талент паэта: ужо не толькі піша, але і пачынае друкаваць вершы ў газетах «Гомельская праўда» і «Літаратура і мастацтва», калектыўным зборніку «Аднагодкі» і нават у галоўным літаратурным часопісе краіны «Полымя рэвалюцыі». Захапленне паэзіяй было настолькі моцным, што ў 1935 годзе ён пераходзіць вучыцца на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута імя В. Чкалава. Вось як згадвае пра тыя часы ягоны сябра, таленавіты паэт Кастусь Кірэенка:

 

Тры гады студэнтамі мы жылі з Гаўрылавым у адным пакойчыку, дзялілі студэнцкія радасці і няўдачы. За адным сталом здавалі дзяржаўныя экзамены, амаль разам адыходзілі ў армію. Прайшло многа год з часу нашага развітання, і вось мне выпала на долю пісаць успаміны… Існуе сумнае ўсведамленне, што твой друг загінуў, і разам з тым не верыцца, што яго няма, здаецца, што вось ён прыйдзе, вернецца… Чуецца яго голас, быццам тут у гэтую хвіліну чытае ён спакойна і ўпэўнена:

 

Наш рубеж акованы гранітам

І напят, як тонкая струна.

Ды спрабуй струну тую крані ты –

Адзавецца грукам перуна.

БАЧЫЦЦА ЯГО ЎДУМЛІВЫ ТВАР, КРЫХУ НАХМУРАНЫЯ БРОВЫ, І Ў ВАЧАХ, ЯК ЗАЎСЁДЫ, – ЯСНАСЦЬ І ЎПАРТАСЦЬ.
Леанід Гаўрылаў вельмі настойліва рыхтаваў сябе да ўступлення ў жыццё. Яго адзінай марай дыло як мага прыгажэй і карысней аддаць свае сілы і здольнасці на служэнне савецкаму народу.

«Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан» – стаяў надпіс на сшытку з яго вершамі. У студэнцкім калектыве ён быў сапраўдным важаком. Вакол яго заўсёды збіралася групка аматараў паэзіі – чыталіся Пушкін і Байран, Шаўчэнка і Купала, Блок і Багрыцкі.

Ён любіў усякую працу – ці прачытаць лекцыю для школьнікаў, ці пайсці на суботнік па азеляненню горада, ці дапамагчы калгасу арганізаваць бібліятэку. У літаратурным гуртку, які некаторы час працаваў у Гомелі пры бібліятэцы імя Герцэна, ён таксама быў першым ініцыятарам. І не дзіва, што потым у арміі ён стаў любімым сябрам байцоў, а яго вершы, прасякнутыя ўпэўненасцю маладосці, карысталіся немалым поспехам.

Леанід вельмі многа чытаў, рабіў крытычныя заўвагі аб прачытаных кнігах, прычым часта яны былі досыць трапнымі. Ён акуратна рабіў выпіскі тых мясцін з кніг, якія яго найбольш уразілі. Вось, напрыклад, выпіска з «Вучнёўскіх год Вільгельма Мейстэра» Гётэ: «Верш павінен быць або выдатным, або зусім не павінен існаваць».

Цудоўны выбар!

Студэнты, як і моладзь краіны, марылы прысвяціць жыццё людзям, грамадству, светлым ідэалам:

Неўміручыя словы Мікалая Астроўскага былі ў нашых сэрцах у гады юнацтва, калі мы сядзелі ў інстытуцкіх аўдыторыях, працавалі ля станкоў, хадзілі за плугам па калгасных палях. З імі мы ішлі на вялікую бітву за шчасце сваёй зямлі. Прачытаўшы іх сёння ў дзённіку свайго друга, я яшчэ і яшчэ раз адчуў вялікую мужнасць і ўзнёсласць нашага пакалення. Нашы маладыя сябры, што сваімі сэрцамі прыкрылі ад навалы сэрца Радзімы, цудоўна пражылі жыццё.

 

Аднак марам не было наканавана здзейсніцца. Улетку 1940 года, як і ўсе ягоныя сябры з дыпломамі Гомельскага інстытута, ён пайшоў у войска. Служыў недалёка ад граніцы механікам-вадзіцелем у танкавым палку. Перад самай вайной напісаў марш Н-скай танкавай дывізііі, які лунаў ва ўсіх падраздзяленнях. З ім, відаць, і пайшлі хлопцы ў апошні бой. Доля ягоная, паэта, невядома. Лічыцца, што загінуў ён у першыя дні вайны.

Пісаць пачаў рана, бо друкуецца з 17 гадоў: і не абы-дзе, пра што ўжо згадвалі. Ваенных вершаў не засталося, а можа іх і не было, акрамя баявога марша. Як і М. Сурначоў, застаўся сімвалам не толькі універсітэцкай, але і ўсёй беларускай паэзіі, бо яны ўпершыню ў паэтычнай генерацыі паядналі не проста штык і пяро, заплаціўшы за гэтыя высакародныя спробы сваёю крывёю і жыццём. Яны адыйшлі моўчкі, не долюбив, не докурив последней папиросы, але гэтае маўчанне і цяпер гучыць мацней за грымоты заклікаў і зваротаў. Смерць, гвалтоўная і дачасная, надала іх жыццю і творчасці новыя каардынаты адліку. А таму іх спадчыну трэба ўспрымаць па-свойму, засвойваючы цалкам і без развагі. Бо хто ж будзе, чытаючы вершы, напісаныя ў пекле атакі ці ў прадчуванні смяротнага бою, вызначаць іх структуру, ацэньваць кампазіцыю і вобразнасць. Ды і большасць ранніх твораў загінула ў рукапісах у час вайны. Хаця гэтыя раннія вершы так і засталіся апошнімі, уваходзіны – спадчынай. І тут адбылося дзіва, пра што згадвае Кастусь Кірэенка:

 

…Няхай чытачы нізка паклоняцца ягонай маці, бо гэта толькі дзякуючы ёй (у першую чаргу) мы мелі магчымасць сёння сабраць, хаця і няпоўнасцю, тое, што было напісана Леанідам Гаўрылавым. У дні вайны, калі на акупіраванай фашыстамі Гомельшчыне лютавалі гітлераўскія карнікі, маці паэта, хаваючы пад зрэбнай кашуляй каля сэрца, зберагла нам яго творы. Бацьку Леаніда Гаўрылава – перад вайной зменнага майстра торфазавода – карнікі схапілі і недзе закатавалі. Маці ўратавалася і, ратуючыся, яна не забывала аб выратаванні сшытачкаў і фотакартак свайго сына. Як не схіліцца перад мацярынскай любасцю і верай, перад мацярынскай мужнасцю і непахіснасцю!

 

Паэта чакала вялікая будучыня, але заўчасная смерць не дала яму мажлівасці разгарнуць на ўсю моц творчыя крылы. Толькі шмат пазней мы ўслед за сябрамі зразумелі, якога творцу забрала ад нас вайна.

Ужо самыя першыя творы паэта прывабліваюць тонкім лірызмам, шчырай спавядальнасцю, абяцаннем значнай перспектывы. Пранікнёны лірык, ён умее слухаць цішыню, што запаланіла лес і поле, плыве, нібы грэчкі пах мядовы, нібы васільковы пах. І няма межаў гэтай цішыні, бо ўзлятае яна нават туды, дзе плыве месячык бялёсы, дзе сінім небам грае цішыня. І такая радасць жыць на гэтым свеце, што нават зорка глядзіць з зайздрасцю на зямлю як раптоўнай радасці сляза. І так хочацца аддаць людзям шчырасць сэрца, ласкі і цяпла:

Дзе ты, радасць? Я цябе шукаю!

Ці знайду жаданую сваю?

…Я прайдуся маладжавым садам

Па душыстай маладой траве,

На пянёк імшысты я прысяду –

Нада мной засвішча салавей,

Закалышуцца суквеццем вішні,

У вуллі задзвынкае пчала…

 

Ну як жа быць абыякавым да ўсяго, калі на сэрцы, незалежна ад пары года, бушуе вясна: Запахнуць ноччу духавітай травы, Лагоднасцю павее ад ракі; бояск месяца, і вішань белых цені; спавіты тугою У пасмах журбы Сухі маладзік На галінах вярбы Павіс над гарою, А потым і знік? Толькі паэт можа ўбачыць гэты сусвет незвычайным перакуленым, фантастычна-любым:

 

Ціхі Сож. Валавяныя воды…

Бурштынее зара ў берагах.

Дзесь глухія гудкі параходаў

Аблятаюць разліўны размах.

Як у люстры, густою сцяною

Кучаравіцца лес у вадзе,

Абярнуўшыся ўніз галавою,

К водам пільнае вуха кладзе. (1935)

 

Зразумела, што такі пагляд надае хлопцу не толькі паэтычны дар, але, і хутчэй, вусны каханай, з якой ты на лодцы плёскатам вясла разбіваеш палову маладзіка. Вось чаму часта не хапае звыклых слоў, а таму хочацца і трэба спяваць. Вельмі многія творы Л. Гаўрылава зведалі плённы ўплыў народнай песеннай лірыкі. Згадаем ягоны верш з такой назвай «Песня»:

 

Вечарэла. Сінь гусцела.

Пасмаў слаліся

Валокі.

 

Бераг сонны, апусцелы

Затуманіўся

Навокал.

 

Лісце дрэў не шалясцела.

Не хісталіся

Асокі.

 

У небе зоры ацяжэла

Ў воды клаліся

Глыбока.

 

Ты ішла, як песню пела

То спяшалася,

То крокам.

 

А мяне калі сустрэла,

Засмяялася

Нарокам.

Гушча ночы пасвятлела,

Пасмаў слаліся

Валокі,

 

З намі раніца запела,

Зацвіло ўсё, загудзела,

Развіднялася навокал.

 

І цябе назваў я песняй,

Сваёй песняй

Недалёкай. (1935)

 

Уся лірыка нашага земляка – гэта песня маладога хлопца, які з радасцю ўваходзіць у жыццё. Разам з тым яна становіцца выразнікам светапогляду не толькі канкрэтнай асобы, але і цэлага пакалення, тым самым набываючы неабходную філасафічнасць, глыбіню, задумёнасць, светла-радаснае ўспрыняцце жыцця, у якім глыбока схавана, падсвядома прадчуваецца злая доля, якую яму жураўліным напевам прадракае будучыня. Згадаем верш семнаццацігадовага (!) хлопца «Журавы»:

Я не ведаю ціхай хвіліны

Ад клапот і звадлівых трывог,

Як пачую той спеў жураўліны,

Што у сэрцы сваім не збярог.

 

Ведаў шмат я сустрэч і спатканняў,

Шмат пачуццяў сваіх разгубіў.

Але з гэтакім замілаваннем

Я ніколі яшчэ не любіў.

 

Сон ці праўда – ў душы размялося,

Патанула ў прадонні журбы.

Але зараз мне быццам здалося –

Я на вежы вясёласці быў.

 

І былое – маленства і гора –

На хвіліну кудысь адплыло,

Як напеў жураўліны дакорам

Маю чуласць цяпер укалоў. (1935)

 

Вось чаму нават вершы пра каханне будуць заўсёды са схаваным сумам, журбой, лёгкай і светлай. Невыпадкова паэт усклікне: …Адну ўсяго дзяўчыну Ў жыцці я пакахаў…

Лепшыя творы Леаніда Гаўрылава сабраны ў зборніку «Вернасць» (Мн., 1961), у калектыўнай кнізе «Крывёю сэрца» (Мн., 1967), паасобныя вершы перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы.