Мікола Сурначоў
(1917 – 20.IV.1945)
Нарадзіўся ў 1917 годзе ў в. Слабада Рагачоўскага раёна. Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, у 1937–39 гадах вучыўся ў Гомельскім педінстытуце, затым працаваў у газетах «Звязда» і «Чырвоная змена». З першых дзён вайны на фронце. Некалькі разоў быў цяжка паранены. Удзельнічаў у баях за Каўказ, вызваляў гарады роднай Беларусі, Украіны, Польшчы. Берлін штурмаваў камандзірам узвода. У ноч з 19-га на 20 красавіка 1945 года загінуў, прыкрываючы адыход таварышаў. Пахаваны ў нямецкім пасёлку Фрайдэнберг, што за 8 кіламетраў ад Берлінскай кальцавой дарогі, а потым парэшткі паэта былі перазахаваны на брацкіх могілках Бад-Фрэенвальдэ.
Першыя вершы пачаў пісаць яшчэ ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. Але па-сапраўднаму захапіўся паэзіяй у час вучобы на літаратурным факультэце. Якраз у гэты перыяд ён становіцца вядомым абласному і рэспубліканскаму чытачу. Раннія вершы вылучаліся тонкім лірызмам і ўменнем убачыць незвычайныя адценні роднай прыроды, выключнай шчырасцю і цеплынёй. Гэта асабліва тычыцца вершаў пра каханне. Так, верш «На ростані» быў прысвечаны любімай, якая таксама загіне ў час вайны. У поўнай адпаведнасці з нацыянальнай традыцыяй у любоўнай лірыцы паўстае сарамяжлівым, летуценным, згодным перакінуцца ў сасёнку, каб прашумець над каханай, стаць сняжынкай, каб растаць на яе губах. Аб адзінай гатовы спяваць бору, гаю, усяму свету.
Як і большасць беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя, Мікола Сурначоў спявае гімн прыгажосці каханай. Яе вочы – гэта зоры, ясныя, як дзень маёвы, сінія, нібы азёры. Лірычны герой, баючыся пагаварыць з каханай, уступае ў віртуальную размову з нейкай выдуманай, летуценнай, нябеснай істотай. Ён персаніфікуе, нібы ў народнай традыцыі, прыроду. Вось чаму перадапошні гром можа распавесці, хто аб кім сумуе познім вечарам. Сняжынкі – гэта ў сурначоўскім паэтычным свеце зусім і не сняжынкі, а пялёсткі вішань (алюзіі з «Дванаццатым падмуркам» П. Труса), што засыпалі, замялі знаёмую сцяжынку, па якой ён выйшаў да каханай. І калі вішнёвая замець – гэта сімвал пачатку кахання, то валадарства сняжынак – знак таго, што каханне не збудзецца. І дарэмна спявае зімовы вецер – мабыць, і ты яго акрыліла. Чары дзяўчыны такія моцныя, што могуць і таму ж ветру галаву ўскружыць.
Як хораша гаворыць лірычны герой пра каханую, што падобных ёй не было:
Мне здалося, што такіх, як ты,
Сонца век яшчэ не грэла,
Пра такіх на скрыпках залатых
Песняй толькі марыла капела.
Услед за М. Багдановічам, які сказаў: Ты выдумка маёй галавы, Мікола Сурначоў згаджаецца, калі Скажуць: гэта выдумка мая. Але ўсё роўна ён носіць яе ў сваім сэрцы без усялякага дазволу.
Ад роспачы паэт нават гатовы заплакаць, але яму сорамна перад бярозкамі, бо ў бярозцы і бачыцца мілая.
Ваенная лірыка цалкам не захавалася. Многія вершы згублены ў шпіталях, у баях. Нязменная спадарожніца Міколы Сурначова – палявая кірзавая сумка, набітая вершамі, не была знойдзена. Засталіся ў асноўным творы, дасланыя сябрам і родным у лістах.
Аднак і гэтыя вершы, створаныя ў акопах, на рэдкіх прывалах, дзе не было часу не толькі адшліфаваць радок, але падчас і пазначыць час і месца напісання, увайшлі ў скарбніцу роднай паэзіі. Яны знаменавалі сабой новы этап эвалюцыі паэта, звязаны з глыбокім спасціжэннем народнай традыцыі, яе песенна- і казачна-рамантычнага падыходу ў раскрыцці патаемных скарбаў чалавечай душы. Згадаем яшчэ раз, што ён, як і кожны сапраўдны паэт, стаўся прарокам, і сваю долю прадказаў яшчэ ў 1941 годзе, на Заходнім фронце, у славутым вешчым вершы «У стоптаным жыце». Прадчуванне ўласнай смерці набыло выключную глабалізацыю, сталася велічным откровением, прадказаннем трагедыі ўсяго пакалення, якому ніколі ўжо не ехаць «да блізкага гаю, да роднага дому». Невыпадкова А. Твардоўскі перастварыў гэты мікрашэдэўр па-руску, і балада М. Сурначова стала вызначальнай, эпахальнай ва ўсёй славянскай паэзіі:
Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да роднага гаю,
Да блізкага дому.
Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце –
Ёй не кажыце…
1941, Заходні фронт
М. Сурначоў не першым звяртаецца да вобраза забітага салдата. Можна нагадаць шэраг народных балад і твораў міжваеннага перыяду, дзе смяротна паранены салдат просіць свайго коніка перадаць апошняе прывітанне маці, каханай, баявым сябрам. Але такога пранікнёнага спалучэння глыбокай чалавечай жальбы і замілаванай спагаднасці прыроды дасягнуў менавіта ён, заглянуўшы, відаць, у далі нязведаныя. Як згадвае М. Аўрамчык, задума твора ўзнікла ў першыя дні вайны, калі маладыя студэнты, пакінуўшы Мінск, хаваліся ў жыце. Сурначоў увесь час паўтараў: «Які быў ураджай!.. Як на пагібель… Надвячоркам раптам прачытаў мне верш». Менавіта такім «схаваным», «патаемным», як у М. Гарэцкга, уражвае балада М. Сурначова. Гэта асабліва прыкметна ў супастаўленні з баладай Яраслава Смелякова «Песня», дзе прысутнічае толькі адзін план – знешні, хоць першы радок амаль даслоўна перастварае сурначоўскі («Мать ждала для сына лёгкой доли – сын лежит, как витязь, в чистом поле»). Ці не таму ў адрозненне ад усіх балад падобнага зместу герой М. Сурначова не толькі не просіць перадаць вестку родным, але і заклікае не гаварыць маці аб яго смерці.
Не вернецца ўжо ніколі да роднага парога, да дружыны з сыночкам на руках смяротна паранены Гнат Гарбаценка (балада Івана Нэходы «Смерць Гната Горбатенка»):
Йому снаряд одбив і руку, й ногу,
Кінчився бій, і день згасав у житі.
Він умірав…
Шолах такіх ласкавых і такіх абыякавых жытнёвых каласкоў прыўносіць у зраненую свядомасць апошнюю надзею: «Гуси, гуси, гусенята, візьміть мене на крылята, та й понесіть до батенька, мене, Гната Горбатенка, безногого, безрукого, до круч Днепра, до Крюкова». У свой час сірата з балады Я. Баршчэўскага «Варажбітка Русалка» прасіла ў крылатых дапамогі: «Гусанькі, лябёданькі, скіньце мне па пёрышку, я з вамі палячу». Але раней і свет быў інакшым. Гускі, злітаваўшыся над няшчаснай дзяўчынай, тры разы скідваюць ёй па пёрку. Стогн жа параненага салдата пачулі не гусі, а зграя крумкачоў, што залунала над жытнёвым полем. Дарэмна маленькі сыночак будзе шукаць у гэтым сусвеце свайго тату!
Баладная паэтыка надзвычай схільная да антытэзы, да арыгінальнага (скажам, «баладнага») спалучэння супрацьлеглых паняццяў. Пагібель – адраджэнне (як зерне ў евангельскай прытчы), ураджай – пагібель, жыта (сімвал жыцця) – смерць. Невыпадкова жыта становіцца не толькі фонам, але і, па сутнасці, дзейснай асобай многіх ваенных балад: «Іх вядуць па жытняй сцяжынцы» («Балада аб чатырох заложніках»); на зямлі – «дзе жыта ўрадзіла, бо немцамі ў ёй закапана нячыстая сіла» – гіне араты з жонкай і дачушкай (песня-балада з паэмы «Сцяг брыгады» А. Куляшова); «болей рукам тваім жыта не жаці» («Надзя-Надзейка» П. Броўкі). Але ёсць і адваротныя прыклады: ад параненых герояў «кръвта се прелива по потрепващите стъбълца на житата» (Антанас Смірноў «Среща»).
Антытэзу жыта – смерць працягвае супастаўленне вяселле – смерць (балады З. Астапенкі, А. Бачылы, фрагмент заручын з паэмы «Сцяг брыгады», шэраг славянскіх балад). Сватоў, што спяшаліся да маладой (балада М. Сурначова «Вяселле», 1944) папярэдзіў карны атрад:
Чуеш песні?
То плачуць дзесь.
А нявеста?
Вісіць на ліпе.
Чоран воран. Трава-мурава.
Ой, як гора мне сэрца цісне!
Дзе нявеста?
З пятлі галава
На дзявочыя грудзі вісне.
М. Сурначоў стаў узвышанай легендай нашай літаратуры, толькі з вершаў, прысвечаных яго светлай памяці, можна скласці адметны зборнік.
Найбольш поўна спадчына паэта прадстаўлена ў зборніках «На сурмах баравых» (Мн., 1946), «Барвовая зара» (Мн., 1959), «Акопны спеў» (Мн., 1986), «Одна любовь» (М., 1971). Пасмяротна ўзнагароджаны мемарыяльным медалём Літаратурнага конкурса імя М. Астроўскага (1967).
Прадчуваючы сваю смерць, паэт прасіў:
Таварыш!
Мяне пахавай,
Акружы мой курган агарожай,
А пасля перамогі вазьмі мой прах,
Пранясі праз рэкі і горы…
На маёй Беларусі прасторы!
Астанкі героя засталіся ў чужой зямлі, але памяць пра паэта жывая. У Юдзіцкай васьмігодцы створаны мемарыяльны куток паэта-земляка, дзе сабраны публікацыі пра яго жыццё і творчасць, вершы паэта. Звесткі пра яго сабраны ў літаратурным музеі «Пісьменнікі-землякі» пры Рагачоўскім педагагічным вучылішчы. Вуліца ў Рагачове носіць імя Міколы Сурначова. Пра гэта, а таксама пра бацьку паэта, які страціў трох сыноў у вайну (старэйшага і малодшага братоў Міколы Сурначова), згадвае паэт А. Вярцінскі ў кнізе «Высокае неба ідэала», ягоны сябра-аднакурснік Паўлюк Прануза ў згадках «Яблыкі». Звесткі аб паэце і ягоныя вершы надрукаваны ў анталогіі «Універсітэт літаратурны» (Гомель, 2005), дзе змешчаны біяграфіі выпускнікоў і студэнтаў Гомельскага універсітэта (раней педінстытута), а таксама Ул. Немізанскі ў вершы «Зорка паэта. Сурначоў». Цытуючы радкі з ягонага апошняга ліста да родных: Яблыкі мне не пакідайце. Пакуль я прыеду, новыя вырастуць, ён паказвае смутак роднай зямлі па без пары загінуўшаму таленту. Але сум гэты – светлы і ўзнёслы, зорачны.
Нездалёк ад Рагачова
Над адной з маленькіх вёсак
Зорка Колі Сурначова
Загарэлася ў нябёсах.
Хлопца вабілі пагоркі,
Баравічныя паляны…
Ды вяла Міколу зорка
Ў свет вялікі, непазнаны,
Далучала да навукі,
Нараджала ў сэрцы дзіва –
Найчароўнейшыя гукі
Слоў адметных пра радзіму.
І калі пад шчаснай зоркай
Ён паэтам стаў прызнаным,
Слабадскія сніў пагоркі,
Баравічныя паляны.
І калі ён пад Берлінам
Быў паранены смяротна,
Бачыў родныя мясціны,
Вочы смутныя ўсіх родных.